З'явілася Вілейская вобласць. У Ільі пабудавалі бальніцу, а ў Вязыні - школу
Што прыносілі мінулыя гады Труса на Вілейшчыну
Якім будзе гэты год Труса для Вілейшчыны, пакуль невядома. Але па традыцыі прыгадаем некаторыя з тых падзей, якія прыносіла сюды гэтая вушастая жывёла. І пачынаем ад 1927.
1927

Арцыбіскуп Рамуальд Ялжбыкоўскі прызначыў вікарыем вілейскай парафіі ксяндза Уладзіслава Патоцкага. Ён вучыў рэлігіі ў гімназіі і пачатковай школе, быў капеланам вілейскай турме.


У мясцовай гімназіі вучыцца Яўген Скурко – будучы паэт Максім Танк. Жыве на вуліцы Чыгуначнай (сёння Шубіна).


Журналіст, збіральнік фальклору, ураджэнец і жыхар Даўгінава Вульф Сосенскі (на фота з сайта prajdzisvet.org) удзельнічае ў першым з’ездзе Таварыства беларускай школы ў Вільні.

1939

У снежні ўтварылі Вілейскую вобласць.


Паводле Змітра Хаценчыка, у горадзе дэмантавалі помнік Юзафу Пілсудскаму і, магчыма, патапілі яго ў рацэ.


Арыштавалі і асудзілі на пяць год ураджэнца Вілейкі, рэдактара “Нашай Нівы” Аляксандра Уласава. 13 месяцаў правёў у вілейскай турме. Памёр на этапе.


Арыштавалі фатографа Берку Бермана (на фота з вікіпедыі). Асудзілі на восем год. Далейшы лёс невядомы.



Яўген Скурко (паэт Максім Танк) працуе ў абласной газеце “Вілейская праўда”.


Мастак-уніст Уладзіслаў Страмінскі разам з жонкай Кацярынай і дачкой Нікай прыязджае ў Вілейку (на фота –скульптура ў горадзе, прысвечаная мастаку) . Творца выкладае ў гімназіі, пазней працуе афарміцелем і актыўна ўключаецца ў культурнае жыццё. У Вілейцы ён стварыў графічны цыкл малюнкаў "Заходняя Беларусь".


У Ільі адкрылі сямігадовую школу, у якой навучанне сталі весці на беларускай мове.

1951

З амерыканскім дэсантам у Ільянскі раён закінулі Янку Філістовіча. Ён нарадзіўся ў Паняцічах, за мяжой – ад Другой сусветнай. Вучыўся ў Сарбоне. Трапіўшы ў Беларусь, стварыў антысавецкую групу. Праз год яе ліквідавалі. Кіраўніка прыгаварылі да вышэйшай меры .


У Тарасавічах на Іжаншчыне нарадзіўся гандбаліст, чэмпіён СССР, майстар спорту Мікалай Гуско. А ва Урэччы – архітэктар і краязнаўца Анатоль Капцюг.


У Ільі ўзвялі бальніцу, у Вязыні – школу (на фота mapio.net).

1963

Раённая бібліятэка пераехала на Вадап’янава, дзе раней быў польскі клуб афіцэраў і Дом сацкультуры.


У Мюнхене памёр ураджэнец Вілейшчыны, пісьменнік Пётр Сыч.


Капліцу 1934 года ў Старадубаве перавезлі ў Іжу і зрабілі ў ёй кухню пры бальніцы. Каплічны крыж захавала жыхарка Муляраў Ядвіга Пастарнак і 2011 перадала яго на капліцу ў Куранцы.


Вясной Вілія затапіла ўвесь Ніжні парк (на фота – Вілія ў Ніжнім парку летам 2022) .

1975

Скончылі будаваць канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы (на фота з вікіпедыі).


У Нарочы Барыс і Валянціна Цітовічы стварылі дзіцячы тэатр “Ялінка”.


Ураджэнец Вілейшчыны, музыкант Міхаіл Казінец стаў кіраўніком і галоўным дырыжорам Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Жыновіча.


Узвялі сучасны трохпавярховы будынак Даўгінаўскай школы.

1987

У горадзе пачала працаваць сярэдняя школа №4. Сёння гэта Вілейская гімназія №2 (на фота yandex.by).


Стварылі Вілейскую раённую арганізацыю ветэранаў. Ля вытокаў стаяў настаўнік з Ільяншчыны Пётр Галецкі.


Галоўным архітэктарам Вілейшчыны пачынае працаваць Галіна Кажарновіч. На гэтай пасадзе яна была амаль 30 год. .

1999

Мастак Эдуард Мацюшонак аднавіў фрэску ў касцёле ў Вілейцы. Твор быў прыкрыты бляхай, пакуль пра Саветах тут працаваў склад.


У гімназіі “Логас” запра­ца­вала ізасту­дыя “Вя­сёл­ка”, якая з’яўля­ецца ўзор­най. Ёй кі­руюць Эду­ард і Алена Мацюшонкі.


Адсвяткавалі 400-годдзе Вілейкі. Да даты ўстанавілі памятны знак і ўвялі званне “Ганаровы грамадзянін Вілейскага раёна”.


На малаказаводзе пабудавалі новыя цэхі і ўчасткі.

2011

У вілейскага паэта Уладзіміра Цануніна выйшаў зборнік “Хто ж адкажа”.


Пачаліся пленэры юных мастакоў Вілейшчыны, прысвечаныя жывапісцу, земляку Нікадзіму Сілівановічу. Ад гэтага часу пленэры адбываюцца штолета.


Упершыню прадукцыя прадпрыемства “Буддэталі” выйшла пад маркай “VILARIO”. Тут зашыфравана назва ракі Вілія і прозвішча заснавальніка прадпрыемства, шляхціча Аляксандра Любанскага (на фота з вікіпедыі).

This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website