З мастаком-рэстаўратарам Фёдарам Сарокам сустракаемся каля яго роднай хаты ў мікрараёне Вялікае Сяло, што ўжо некалькі дзесяцігоддзяў у складзе Маладзечна. Спадар Фёдар збірае ў скрыні яблыкі з дрэў, пасаджаных некалі бацькам каля падворка.
– Бачыце, якім рамантыкам быў мой бацька. Адзіны з Вялікага Сяла пасадзіў каля свайго двара яблыневую прысаду з дрэў-дзічак, прынесеных з лесу, – кажа мастак-зямляк і запрашае мяне ў сваю родную хату.
І тут у пакоі, завешаным старымі здымкамі, уласнымі карцінамі і абразамі, расказвае мне пра Вялікае Сяло і крыху пра сябе.
Блыханы, Паўлюкі
ды Зайцы

Пра першую школу
Млын каля ракі і чалавечыя косткі
на школьных агародах
Школа №1, якая сёння носіць імя Купалы, – месца вучобы большасці сельскіх дзяцей. Шмат успамінаў з ёй звязана ў майго суразмоўцы. У першы клас Фёдар прыйшоў у 1963 годзе.
– Першага верасня 1963 года добра памятаю. У школу мяне вялі сёстры. Я тады сабраў вялізны букет кветак. Але першай настаўніцы Тамары Кузмінічне столькі букетаў надарылі! Тады мы са стрыечным братам Колем вырашылі не дарыць кветкі, а прыгожа аздобілі сметніцу каля школы і тут жа пабеглі займаць месца за партай у класе.
Той будынак першай школы, у які прыйшоў вучыцца мой суразмоўца, быў доўгім, драўляным, на адзін паверх, у форме літары “Г”. Сёння яго ўжо няма.
– Пачатковыя класы былі ў адным крыле школы, старэйшыя – у другім. Класы – вялікія, чалавек па сорак. Да сёння памятаю пах фарбы першага верасня. Актавая зала складалася з двух класных памяшканняў, якія раздзялялі дзьверы-складні. А там, дзе зараз аўтобусны прыпынак, каля рэчкі стаяў млын. Наша сям’я вазіла туды жыта малоць.
Па ўспамінах Фёдара, у двары той старой драўлянай школы стаяў яшчэ будынак. Яго звалі “канюшня".
У 1960-х там быў фізічны і хімічны кабінеты, а ў Другую сусветную сапраўды стаялі коні.
А яшчэ мужчына прыгадаў, як малымі на школьных агародах яны пастаянна знаходзілі чалавечыя косткі, бо недалёка ў Другую сусветную быў лагер “Шталаг-342”.
Пасля пачалі будаваць цагляную трохпавярховую школу:
– Мы з радасцю лёталі па паверхах, пераносілі ўсё са старой школы ў новы будынак. Давучваўся я ўжо там. Памятаю, на школьным калідоры вісела карціна з Янкам Купалам. Гэтую копію з твора мастачкі Раісы Кудрэвіч зрабіў наш настаўнік спеваў і выяўленчага мастацтва Тадэвуш Альфонсавіч.
Запомнілася таксама і матэматычка Ларыса Пятроўна. Усе вучні ведалі, што ў яе хворае сэрца і таму ёй можна курыць. Неяк настаўніца зазлавала на вучня Лёню Кавалеўскага, які не мог рашыць задачу, адкрыла фортку і пачала нервова курыць проста ў класе.
На фота з інтэрнэт-крыніц – стары будынак першай школы ў Маладзечне. Сюды Фёдар і яго сельскія аднагодкі прыйшлі вучыцца ў 1963 годзе.
Прыгадваючы школу, мой суразмоўца прызнаецца, што вучыўся добра, а вось з паводзінамі было так сабе. Класная Ніна Мацвееўна Кудраўцава казала, што Фёдар адпавядае свайму прозвішчу – Сарока. А настаўнік фізікі Пётр Паўлавіч Зяновіч заўважаў: “як Федзя скажа слова, клас не працуе”. Аднаго разу класная выклікала бацьку хлопчыка ў школу.
– А бацька, у адрозненні ад нашай сур’ёзнай, разважлівай мамы, быў вельмі гаваркім і вясёлым. Мог заўсёды трапна пажартаваць. Я ведаў: калі недзе ў Сяле людзі смяюцца, значыць, там – мой бацька. І вось, скончыўшы працу, бацька зайшоў у школу. Але пасля той размовы Ніна Мацвееўна сказала: “Федзя, у наступны раз хай мама прыходзіць”.
Некаторых з аднакласнікаў Фёдара ўжо няма на гэтым свеце. Але ўсіх ён памятае і расказвае з цеплынёй і ўсмешкай:
– Мая аднакласніца, дзяўчынка-выдатніца, якая жыла на нашай вуліцы ў доме №56, ужо была гарадской. Таму і размаўляць навучылася па-гарадскому – па-беларуску, але з рускім акцэнтам: “чяго”, “чяму”.
Дарэчы, ужо ў школе Фёдар Сарока быў прызнаным мастаком: маляваў сценгазеты, а Леніна – амаль не гледзячы. На школьны турыстычны злёт у Залессе настаўніца Зінаіда Паўлаўна Уласава брала хлопца не як спартсмена, а як мастака: ён аздабляў намётавы летнік.
Хаця здольнасці да мастацтва праявіліся ў хлопчыка яшчэ да школы. Тады Фёдар вельмі ўдала зляпіў з пластыліну свайму суседу-школьніку Чапаева на кані.
– Але ў мастацкія студыі я не хадзіў, бо саромеўся маляваць пры ўсіх. Хоць на сцэне і вершы чытаў, і песні спяваў. Неяк схадзіў у радыётэхнічны гурток у дом піянераў, што быў у будынку былога настаўніцкага інстытута, але той гурток мяне не захапіў. Пасля дзесяці класаў вырашыў паступаць у мастацкую вучэльню імя Глебава. Яшчэ дзесяцікласнікам бацька пазнаёміў мяне з самадзейным маладзечанскім мастаком Уладзімірам Зяновічам, які ў свой час вучыўся ў Віленскай гімназіі.
Той мастак навучыў здольнага хлопца замешваць алейныя фарбы і працаваць алоўкам. У вучэльню Глебава Фёдар Сарока паступіў. Тут пазнаёміўся з будучай жонкай Аленай Ахрамовіч.
А пасля было аддзяленне станковага жывапісу ў тэатральна-мастацкім інстытуце. А захапленне ідэямі настаўніка кампазіцыі Алега Уладзіміравіча Хадыкі, аднаго са стваральнікаў беларускай школы рэстаўрацыі, перарасло ў захапленне рэстаўрацыяй на ўсё жыццё
.
На фота з архіва суразмоўцы – 1963 год. Федзя збіраецца ў першы клас і прымае апошнія пажаданні ад сястры Іры.
На фота з сайта СШ №1 імя Янкі Купалы – уваход у старую школу.
На фота з інтэрнэт-крыніц – будынак школы, дзе Фёдар заканчваў вучобу.
На фота з архіва суразмоўцы – тыя самыя савецкія часы.
На вялікім – маці з бацькам майго суразмоўцы ля сваёй хаты. На заднім плане – іх дачка скача "у класікі".
Уверсе – аўтамабіль у 1950-х у Вялікім Сяле – дзіва дзіўнае.
Унізе – утульная сельская вуліца ў 1950-х.
І яшчэ крыху сельскіх здымкаў з сямейнага альбома Сарокаў.
На першым – 1959 год. Маленькі Фёдар з сёстрамі.
На другім – Фёдар летам. Таксама 1959 год.
На трэцім – 1950-я. Злева – бацька майго суразмоўцы Аляксандр Сарока.