Рызыкуючы ўласнымі жыццямі, уратавалі яўрэйскіх дзяцей
Школьніца з Вілейшчыны – пра сваіх прабабулю і прадзядулю з Брыгідава, якія сталі Праведнікамі народаў свету
У Ізраілі ёсць дзяржаўны нацыянальны мемарыял Катастрофы і Гераічнасці – Яд-ВаШэм. Мемарыял заснавалі ў 1953 годзе, каб ушанаваць памяць пра яўрэяў — ахвяр нацызму. Штогод гэтае месца наведвае больш за мільён чалавек...

Вы ведалі, што тут, за тысячы кіламетраў ад Беларусі, на мемарыяльнай Сцяне пашаны выбітыя імёны нашых землякоў – жыхароў Вілейшчыны Франца і Клемянціны Марцінкевічаў?

Пра гэта расказала праўнучка Марцінкевічаў, школьніца з Залесся, што каля Ільі Вілейскага раёна, Валерыя Герко.

Вашай увазе – кранальная гісторыя пра высакароднасць, самаахвярнасць і бязмежную чалавечую ўдзячнасць. Чытайце.
Клемянціна і Франц Марцінкевічы. Фота з архіва сям'і.
"Я хачу расказаць пра сваіх прадзядулю і прабабулю, Франца і Клемянціну Марцінкевічаў, якія ў Другую сусветную, рызыкуючы ўласнымі жыццямі і жыццямі блізкіх, ратавалі яўрэйскіх дзяцей Рамана і Маю Гурэвічаў, што засталіся без бацькоў. За гэта ў 2005 годзе, пасмяротна, іх ўдастоілі ганаровага звання “Праведнікі народаў свету”. Іх імёны занеслі на Сцяну пашаны ў садзе Праведнікаў народаў свету ў музеі Яд-ВаШэм (Памяць і Імя) у Іерусаліме, - пачынае дзяўчына.

Выратаваныя з пекла

…У той далёкі ваенны час у вёсцы Брыгідава, на Вілейшчыне, жыла сялянская сям'я Марцінкевічаў: Франц Казіміравіч, 1898 года нараджэння, і Клемянціна Ігнатаўна (народжаная Голуб), 1915 года нараджэння. Да вайны Франц Казіміравіч працаваў кіраўніком у мясцовых паноў у вёсцы Скаберац, меў свой надзел зямлі ў Брыгідаве. Ажаніўся з мясцовай прыгажуняй Клемянцінай. У 1936 годзе ў іх нарадзілася дачка Крысціна. У 1938 – сын Казімір. Здаецца, жыві сабе шчаслівым сямейным жыццём, гадуй дзяцей. Але грымнула вайна... Жылі Марцінкевічы сціпла, галадалі, баяліся кожнага старонняга гуку, тым больш, што побач – лес.

Яны добра ведалі, што гета, створанае з мясцовых яўрэяў летам 1941 года ў Хаценчыцах, ліквідавалі ў сярэдзіне мая 1942. Больш за дваццаць чалавек – дзяцей, старых, жанчын – расстралялі фашысты. Дайшлі звесткі пра тое, што ў сярэдзіне сакавіка 1942 года ў мястэчку Ілья ахвярамі фашыстаў сталі 520 яўрэяў. Іх спачатку выгналі з дамоў, абгароджаных калючым дротам, а затым расстралялі ў хляве.

Таму, калі восенню 1942 у Брыгідаве з'явілася худзенькая дзяўчынка, чарнавалосая, змардаваная, што ледзь стаяла на нагах, мясцовыя паставіліся да яе насцярожана. Самім есці няма чаго, навошта лішні рот. Дзяўчынка, як загнанае ваўчаня, хадзіла ад хаты да хаты. Яна, зусім яшчэ падлетак, цудоўна ведала, што азначае слова "яўрэй" і чым гэта пагражае таму, хто ўпусціць яе да сябе. Толькі ў адной хаце яна ўбачыла іскрынку спагады ў вачах гаспадыні. Гэта была Клемянціна Марцінкевіч, маці дваіх дзяцей, якая, рызыкуючы, не змагла выракчы на смерць гэтую чужую ёй яўрэйскую дзяўчынку, якая так прагла жыць. Пасля доўгіх угавораў і спрэчак дзяўчынка Мая Гурэвіч засталася ў хляве сям'і Марцінкевічаў.

Брацкая магіла ахвяр Халакосту ў Ільі. Фота з вікіпедыі.
Як жыла Мая і яе сям’я ў Мінску

…Да вайны Лазар Калмановіч і Хана Шавялевы Гурэвіч жылі ў Мінску. Лазар Калмановіч працаваў цырульнікам, а Хана клапацілася пра дзяцей і дом. У сям'і выхоўвалася трое: Мая (1928 г.н.), Раман (1932 г.н.) і Сямён (1940 г.н.). Сям'я жыла насупраць сённяшняга стадыёна "Дынама". На вуліцы Шорнай жылі дзядулі і бабулі па бацькавай і матчынай лініі. Іх продкі ў канцы 19 стагоддзя перасяліліся ў Мінск са Смілавіч. Гурэвічы не былі вернікамі, і ў сям'і не выконваліся яўрэйскія традыцыі. Бацька падзяляў сацыялістычныя ідэі, ухваляў палітыку савецкай улады. Лазар Калмановіч катэгарычна адмаўляў магчымасць нападу Германіі на Савецкі Саюз і пераконваў сям'ю захоўваць спакой. Нават калі атрымалі вестку пра пачатак вайны, бацька ўсіх запэўніваў у хуткім яе заканчэнні.

Сям'я не паспела эвакуявацца. У ліпені 1941 Гурэвічаў размясцілі ў Мінскім гета, на вуліцы Шорнай. Самы страшны час тут надыходзіў пасля сямі гадзін вечара: пачыналіся аблавы. Каб засцерагчыся, пад падлогай у пакоі дарослыя абсталявалі “маліну” – абабіты дошкамі склеп. Вечарамі ў ім хаваліся ўсёй сям'ёй. Бабуля размочвала хлеб у гарэлцы і карміла ім маленькага Сёму, каб малы спаў і не крычаў, не выдаваў прысутнасці людзей пад падлогай. Падчас пагрому 2 сакавіка 1942 года дзядуля і бабуля Геня з маленькім Сёмам не паспелі схавацца ў склеп. Паліцыянты выгналі іх з дому і кудысьці павялі. Пазней расказвалі, што дзядуля спрабаваў уцячы і быў забіты на месцы. Куды павялі бабулю з Сёмам і дзе іх магіла, невядома. Лазар Калмановіч трымаў сувязь з падпольшчыкамі і пайшоў у партызанскі атрад, спадзеючыся пазней забраць туды сям’ю.


Калючы дрот, які аддзяляў гета ад астатняй часткі Мінска. Фота з сайта times.bntu.by.
Уцёкі з Мінска і Красненскае гета

Брат з сястрой часта чулі ад дарослых, што ў раёне Лагойска дзейнічае партызанскі атрад. У пачатку восені 1942 года сястра вырашыла бегчы шукаць бацьку. Неяк дзеці не вярнуліся пасля працы ў гета, схаваліся на складах, а познім вечарам выйшлі ў горад і накіраваліся ў бок Лагойска. Каля Радашкавічаў дзяцей акружылі паліцэйскія на роварах. Сястра шапнула, што трэба разбягацца ў розныя бакі.

Далей Раман ішоў адзін, як пазней высветлілася, у бок Маладзечна. У нейкай вёсцы зайшоў у крайнюю хату папрасіць есці. Гаспадыня сустрэла ветліва і пасадзіла за стол. У гэты час зайшоў паліцыянт і стаў высвятляць асобу хлопчыка. Жанчына слёзна прасіла: “Аддай хлопца”, упала на калені і шапнула: “Прасіся ў туалет, а там дошка адарваная, зможаш збегчы”. Хлопчык так і зрабіў. Да лесу бег па высокім бур'яне. Паліцыянт, калі зразумеў, што хлопчык збег, пачаў страляць па полі. Скачучы з боку ў бок, Раман дабег да лесу. Доўга ішоў наўздагад і выйшаў у вёску Плябань. Пагрукаў у дом. Гаспадар аказаўся заможным селянінам і вырашыў пакінуць хлопчыка працаваць у гаспадарцы – пасвіць гусей. Гарадскому жыхару было складана справіцца з незнаёмай задачай. Гаспадар зразумеў, што толку з такога работніка не будзе і адвёў хлопчыка ў гета ў Краснае.

Тут яўрэям жылося цяжка, лішняй ежы не было. Вырашылі, што кожная сям'я па чарзе днём будзе браць хлопчыка да сябе, а для начлегу вызначылі месца ў хляве. Там стаялі двухпавярховыя нары з саломай, вокнаў не было. У пачатку студзеня 1943 Раман захварэў на тыф і доўга ляжаў у хляве. Каб іншыя не захварэлі, хлопчыка адсялілі ў асобны пакой.

У канцы лютага 1943 года ноччу Рамана разбудзілі з навіной, што трэба збірацца і хутка з'язджаць з гета: за ім прыехаў сувязны з партызанскага атрада "Мсціўца" брыгады імя Варашылава, у якім ваяваў бацька. Дайшлі чуткі ў партызанскі атрад, што ў гета ў Красным ёсць яўрэйскі хлопчык з Мінска. Па заданні бацькі Рамана даставілі на хутар да Франца і Клемянціны Марцінкевічаў. А сястра хлопчыка, Мая, жыла ў іх з восені 1942 года.
Помнік на брацкай магіле яўрэяў у Красным.
Пагром Брыгідава і выратаванне цудам

Франц і Клемянціна ставіліся да Рамана і Маі, як да сваіх дзяцей. Яны дзяліліся з імі сціплай ежай і адзеннем. Франц прымушаў дзяцей вучыць малітву “Ойча наш…” на польскай мове, каб у выпадку з'яўлення паліцаяў, тыя не здагадаліся, што ёсць тут яўрэйскія дзеці. Так працягвалася да вясны 1943 года.

1 мая немцы спалілі Брыгідава разам з большасцю жыхароў. Паколькі дом Марцінкевічаў стаяў бліжэй за ўсіх да лесу, Франц паспеў адправіць Рамана і Маю ў лес, а ўласных дзяцей схаваў у кучы гною за хлявом. Так Казіку і Крысціне ўдалося выратавацца, а Гурэвічы трапілі ў партызанскі атрад. Бабуля Крысціна вельмі часта ўспамінала пра выратаванне. Яна казала, што бацька закапаў іх глыбока ў гной, але паліцаі шукалі дзяцей і ўвесь гной праколвалі віламі з хлява. Клемянціна шчыльна закрыла раты сваім дзецям, каб яны не закрычалі, бо вілы маглі праткнуць іх. Па шчаслівай выпадковасці ўсе засталіся жывыя. 3 мая 1943 года спалілі яшчэ дзве вёскі, што стаялі побач: Любчу і Боркі. Вёска Брыгідава існуе і цяпер, а Любча і Боркі не аднавіліся пасля вайны.

Пасля заканчэння вайны Лазар Калмановіч, пражыў доўгае жыццё, але другі раз так і не ажаніўся. Ён памёр у 1983 годзе. Ягоны сын, Раман Гурэвіч, адслужыў у войску, скончыў Беларускі політэхнічны інстытут стварыў сям’ю. Раман і сёння жыве ў Мінску. Мая Гурэвіч выйшла замуж, нарадзіла дачку Сафію, у 1990 годзе выехала на сталае месца жыхарства ў Ізраіль.
Помнік, які нагадвае пра трагедыю ў Брыгідаве. Фота з сайта Вілейскага райвыканкама.
Радасць перамогі азмрочыў ілжывы данос

Пасля вызвалення Беларусі здарылася сумная падзея. Хтосьці з мясцовых напісаў данос на Франца Марцінкевіча пра яго сувязь з немцамі. Некаторыя вяскоўцы лічылі, што прадзед ведаў пра пагром вёскі і таму змог выратаваць сваю сям’ю. Прадзед не здолеў у адзіночку даказаць сваю невінаватасць. На яго завялі справу, асудзілі і саслалі ў Комі АССР. На жаль, Клемянціна не адразу звярнулася за дапамогай да Лазара Калмановіча. Калі яна ўсё ж вырашылася паехаць і пра ўсё расказаць, Лазар неадкладна звязаўся са сваімі былымі камандзірамі з просьбай дапамагчы. Справу перагледзелі, і Франц Казіміравіч вярнуўся дадому. На вялікі жаль, у лагеры ён заразіўся цяжкай хваробай, якая мучыла яго да канца дзён. Пасля вайны ў 1948 годзе ў Марцінкевічаў нарадзіўся сын Збігнеў, дзядуля нашай апавядальніцы.

У лютым 1959 года Франца Марцінкевіча не стала. Клемянціна пражыла яшчэ 30 гадоў і памерла ў версні 1990. Яны пахаваныя на мясцовых могілках у вёсцы Загараны.
Злева направа: Клемянціна, Збігнеў, Франц, Казімір, Крысціна Марцінкевічы. Фота з архіва сям'і.
Удзячныя Раман і Мая не забыліся пра сваіх выратавальнікаў

А Майя і Раман Гурэвічы вырашылі ў знак падзякі сям'і Марцінкевічаў дабіцца таго, каб гэтым выдатным людзям прысвоілі званне “Праведнікаў народа свету”. Вельмі крыўдна, што гэта адбылося не пры іх жыцці. Праведнік не тое званне, якое можа лёгка давацца.


Злева направа: Дачка Маі Сафія, Мая, муж Сафіі і Раман Гурэвіч. Фота з архіва сям'і.
Афіцыйная працэдура ў Яд-ВаШэм вельмі няпростая і скрупулёзная. Існуе нямала ўмоў, захаванне якіх лічыцца абавязковым. Пасля дбайных праверак і пацверджання названых фактаў у 2005 годзе рашэннем спецыяльнай камісіі Ізраільскага мемарыяльнага інстытута катастрофы і гераізму еўрапейскага яўрэйства "Яд-ВаШэм" высокае званне Праведнікаў народаў свету атрымалі яшчэ 11 грамадзян Беларусі. У іх ліку былі Франц і Клемянціна Марцінкевічы (пасмяротна). 26 мая 2006
года ў Ізраільскім культурна-інфармацыйным Цэнтры Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Ізраіль у Беларусі ўручыў Дыплом Праведнікаў народаў свету і імянны медаль сыну Франца і Клеменціны Казіміру Францавічу Марцінкевічу – майму стрыечнаму дзядулю.

- Усе гэтыя рэліквіі беражліва захоўваюцца ў сямейным архіве нашчадкаў Марцінкевічаў, у вёсцы Заельнікі, дзе жылі мая прабабуля і прадзядуля пасля вайны, - падсумавала дзяўчына.
Дыплом Праведнікаў народаў свету і імянны медаль Марцінкевічаў.
This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website