Як вясну не прагукаць
Прыгадваем звычай Гукання вясны, які існуе на Беларусі з дахрысціянскіх часоў
Кожны год, у канцы сакавіка, невялічкая вёска Вязынка, што на Маладзечаншчыне, вабіць беларусаў з розных куткоў нашай краіны. Тут, на радзіме Янкі Купалы, на тэрыторыі дома-музея Песняра, традыцыйна ладзяць Гуканне вясны.

У такі дзень над звычайна ціхай вёскай плывуць веснавыя абрадавыя песні, пахі печыва і зёлкавай гарбаты, на драўляным “танц-поле” прыбраная ў нацыянальнае адзенне моладзь танчыць беларускія танцы, а хтосьці чакае сваёй чаргі, каб высока пагушкацца на арэлях. .
Гандляры прапануюць удзельнікам набыць аўтэнтычныя завушніцы і бранзалеты, кнігі на беларускай мове, салодкі мёд ад вясковых пчолак, розныя зборы зёлак і шмат-шмат чаго яшчэ. А дрэвы, што растуць побач, упрыгожваюць каляровымі стужкамі і папяровымі птушкамі, якіх або прывозяць з сабой, або робяць проста тут, на свяце ў Вязынцы, падчас майстар-класа.

У канцы сакавіка не заўсёды бывае цёплае надвор’е: можа і снег пайсці, і начны марозік ціскануць. Але ад шчырых усмешак, доўгіх карагодаў, ад імклівых танцаў і вясёлых гульняў у дзень, калі гукаюць вясну, заўсёды цёпла.
Адкуль пайшло свята
Гуканне вясны – старажытнае свята развітання з зімой і сустрэчы з вясной. Бярэ пачатак ад часоў язычніцтва.
Як і большасць язычніцкіх святаў, канкрэтнай даты Гуканне вясны не мае. Свята суправаджаецца абрадавымі вясновымі песнямі, карагодамі. Падчас спеваў і гульняў удзельнікі радуюцца вясне і праганяюць зіму.


Даследчыкі лічаць, што першапачаткова Гуканне было асабліва распаўсюджаным на Усходзе Беларусі. На Захадзе свята не выдзялялі асобна. Яно супадала з масленічнай абраднасцю.
Як гукалі вясну
Месцам правядзення свята звачайна абіралі высокае адкрытае месца. Гэта мог быць узгорак, бераг ракі ці возера (асабліва на Палессі), край лесу.
“Звычайна само гуканне адбываецца ў нас так: гурты дзяўчат збіраюцца на самыя ўзвышаныя месцы ў вёсцы, каля гумнаў; пасцілаюць там салому і, пасеўшы на яе ў рады, пяюць да позняй ночы веснавыя песні. Гэтыя песні разносяцца тады па ўсіх навакольных “зборных пунктах”. Часта спяваюць па чарзе: у адным месцы пачнуць і спыняцца, у другім працягваюць”. Так абрад гукання ў Гомельскім павеце Магілёўскай губерні апісваў фалькларыст Павел Шэйн.


.
Шмат дзе падчас свята палілі вогнішча. Ля яго спявлі песні-вяснянкі.
У шмат якіх мясцовасцях у абрад гукання вясны ўваходзіў звычай пячы птушак – “жаваранкаў”. Такое печыва раздавалі дзецям. Таксама печаных птушак дзяўчаты маглі раскачаць на палатне і падкінуць, заклікаючы такім чынам прыляцець з выраю сапраўдных птушак.

Пэўную абрадава-магічную ролю іграла і гушканне на арэлях. Чым вышэй арэлі падляталі, тым вышэй, паводле павер’яў, будзе расці лён і іншыя расліны.


Тэкст і фота: proinfo.by.

This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website