Сустрэнемся ля “Елгавы”
Прыгадваем месцы ў Маладзечне, якія атрымалі назвы “у гонар” аб’ектаў, што некалі месціліся побач

Аб'ектаў тых ужо няма, а назвы засталіся
Call to action
“Наступны прыпынак “Атэлье “Бярозка”… “Прадаецца кватэра ў шматпавярхоўцы за “Дзіцячым светам”… “Сустрэнемся ля “Елгавы”… “З аўтобуса выходзь ля “Віленскага шляху”…

І хай у будынку “Елгавы” за гады памянялася некалькі крамаў, а “Бярозка” страціла былую магутнасць і адпаведную шыльду на фасадзе. Хай “Дзіцячы свет” ужо паспеў пабыць і “Гіпа”, і “Рублёўскім”, а маладзечанскія гармонікі прыгадаюць хіба сталыя жыхары горада і прафесійныя музыканты. І ўсё ж большасць гараджан адразу здагадаецца, пра якія месцы вядзецца гаворка.

У нашым матэрыяле мы сабралі некаторыя з тых месцаў у Маладзечне, назвы якім далі аб’екты, што некалі месціліся тут. І хоць фізічна аб’ектаў не першы год няма, але іх назвы па-ранейшаму жывуць у памяці маладзечанцаў, у іх размовах і нават у афіцыйных назвах некаторых аўтобусных прыпынкаў. Адразу звяртаем увагу, што такіх месцаў значна больш, чым у матэрыяле, і вашым падказкам мы будзем толькі радыя.

Ну што, паехалі?
“Елгава”
. Кавалачак Латвіі ў Маладзечне

Скрыжаваннем ля “Елгавы” маладзечанцы называюць перасячэнне Вялікага Гасцінца і вуліцы Багдана Хмяльніцкага. Прадуктовая крама размяшчалася на першым паверсе жылога дома. Дарэчы, для ўваходу ў двор тут ёсць арка, на нашых назіраннях, адна з нешматлікіх у Маладзечне.


Адкуль “экзатычная” назва? У гонар аднайменнага горада ў Латвіі, які знаходзіцца за 418 кіламетраў ад нашага горада. У свой час Елгава і Маладзечна былі ў добрасуседскіх адносінах.


Цяпер ў былой некалі буйной прадуктовай краме – некалькі драбнейшых гандлёвых кропак. Але хто з нас, прызначаючы сустрэчу на аўтастаянцы побач, скажа “Сустрэнемся ля сэканд хэнда”?


На фотаздымку з буклета 1970-х – кавалачак дома (з жоўтымі балконамі), дзе месцілася "Елгава"


На фотаздымках "Рэгіянальнай газеты" – сучасны выгляд будынка і арка пры ўваходзе ў двор.

Гармонная фабрыка
Ад арцелі да прадпрыемства. Ад прадпрыемства да гандлёва-офіснага цэнтра

Сёння ў гэтай пабудове на вуліцы Валынца прадаецца бялізна і адзенне, парфума і касметыка. А ў 1950-х будынак славіўся музычнымі інструментамі. Менавіта тут майстры стваралі гармонікі, баяны “Беларусь”, “Маладзечна”, акардэоны, у тым ліку, маленькія пад назвай “Малыш” для дзяцей.


У пачатку 1950-х Мікола Суднік, ураджэнец вёскі Суднікі, што на Вілейшчыне, стварыў арцель па рамонце гармонікаў. На гэты час Мікола быў ужо вядомым у акрузе музычным майстрам. Паступова ў арцелі пачалі не толькі рамантаваць, але і вырабляць гармонікі. А ў ліпені 1955-м года на базе арцелі стварылі гармонную фабрыку, якую ў 1960-м перайменавалі ў фабрыку музычных інструментаў. Першым дырэктарам стаў Пётр Смірноў.


Як прыгадваў маладзечанец Сяргей Жабінскі, які ад пачатку стварэння працаваў на фабрыцы, работнікаў накіравалі набірацца досведу на падобнае прадпрыемства ў Тулу. Ад 1953 да 1955 яны вучыліся там, а пасля склалі касцяк прадпрыемства ў Маладзечне.


Паступова фабрыка выходзіць на другое месца па вытворчых паказчыках пасля Тульскага аб'яднання "Мелодыя". З розных гарадоў у Маладзечне дасылаюць падзякі за добрыя інструменты.


Прадпрыемства ў будынку на вуліцы Валынца няма ўжо пару дзесяцігоддзяў. Але не-не, ды і пачуеш падобны дыялог:


– А дзе ты цяпер жывеш?

– Ды ў старым доме, каля “гармонкі”.


На фота "Рэгіянальнай газеты" – сучасны выгляд будынка.

На фота з фондаў музея ў Находцы – фабрыка ў 1959 годзе.

Наступны прыпынак – атэлье “Бярозка”

"Наступны прыпынак – атэлье “Бярозка,” – менавіта так прамаўляе прыемны голас дыктара ў гарадскіх аўтобусах, калі мы праязжаем праз ажыўленае скрыжаванне ў цэнтры Маладзечна.


Але сёння на фасадзе будынка на рагу вуліц Віленскай і Валынца ўжо няма вялізных белых літар, якія паведамлялі нам назву буйнога швейнага атэлье. І магутнасці ў прадпрыемства куды меншыя, а яно само называецца фабрыкай “Блаўз” . І ўсё ж гэтае скрыжаванне ў цэнтры горада маладзечанцы называюць па-ранейшаму – "скрыжаванне ля Бярозкі".


Як і “гармонка”, “Бярозка” вырасла з арцелі. Вядомы нам будынак з’явіўся ў горадзе ў 1960-х.


На фота з фондаў музея ў Находцы – 1959 год. "Бярозка" яшчэ толькі будуецца.


На фота Валера Траццяка – 2006 год. У будынку яшчэ ёсць фірменная крама прадукцыі атэлье, назву якога паведамляюць вялікія белыя літары на фасадзе.


На фота "Рэгіянальнай газеты" – дзень сённяшні. Будынак без былой магутнасці і шыльды.




“Касмічная” крама – на “касмічнай” вуліцы

На фота, забяспечаным Уладзімірам Садоўскім – крама "Космас" працуе. Добра бачная і назва. Верагодна, канец 1970-х.

На фота "Рэгіянальнай газеты"–будынак, дзе месцілася крама "Космас", пасля капітальнага рамонту. Высокі ганак захаваўся.

– У якой школе вашы дзеці вучацца?

– У восьмай.

– А дзе гэта?

– Ну, каля “Космаса”.


І адразу становіцца зразумела, пра якую школу ідзе гаворка. Хоць тая крама з высокім ганкам у жылым доме на вуліцы Касманаўтаў – даўно ўжо не “Космас”.


Побач з крамай, сапраўды, школа №8. А ў былым “Космасе” – сёння некалькі невялікіх гандлёвых кропак.

“Дзіцячы свет”
Рыбкі ў акварыуме і кактэйлі па нядзелях

А вось будынак на Вялікім Гасцінцы, 111 некалі быў знаёмы ўсёй маладзечанскай, ды не толькі маладзечанскай, дзятве. Як і барэльеф з хлопчыкам, дзяўчынкай і сонейкам паміж імі высока на фасадзе. Тут, на двух паверхах, месцілася крама “Дзіцячы свет” з цацкамі, школьнымі прыладамі, адзеннем для дзяўчынак і хлопчыкаў, казачнымі навагоднімі ўпрыгажэннямі ў святочны сезон.


Паглядзіце, якія цёплыя ўспаміны засталіся пра гэтую краму ў нашых чытачоў:


“З правага боку – аўтамат з газіроўкай.”


“А мяне мама прыводзілі папіць малочны катэль у нядзелю. І марожанае самае смачнае ў вафельным стаканчыку з рознымі смакамі.”


“Там рыбкі плавалі, і манеткі былі акварыуме. Заўсёды было шмат дзяцей.”


Цяпер жа далёка не першы год у будынку месцяцца прадуктовыя крамы. На сёння – “Рублёўскі”. Але шматпавярхоўкі, якія знаходзяцца побач, мы па-ранейшаму называем “раёнам “Дзіцячага свету”. Ці не так?


На фота "Рэгіянальнай газеты" – будынак былога "Дзіцячага свету" сёння.

На фота з інтэрнэт-крыніц – "Дзіцячы свет" яшчэ працуе.

На старой навагодняй паштоўцы – крама перад Новым годам.

А вы бывалі ў бібліятэцы
ў Вялікім Сяле?

Цяпер садзімся на “пяцёрку” і з цэнтра горада рушым у раён Вялікага Сяла. Выходзім на прыпынку “Бібліятэка”. Але справа ў тым, што апошні чытач у гэтай бібліятэцы быў гадоў дзесяць таму.


Драўляны блакітны дамок на прыпынку не асабліва адрозніваецца ад іншых дамоў прыватнага сектара. Сёння ў двары расце густы бэз, а на самім доме вісіць шыльда “Прадаецца”.


Тут ад 1960-х і да пачатку 2000-х месцілася дзіцячая бібліятэка. У “безінтэрнэтную” эпоху гэты блакітны дом, дзе так прыемна пахла кніжкамі, наведвала дзятва ў асноўным з Вялікага Сяла і “Парашкоў”. Да паслуг юных чытачоў быў абанемент і чытальная зала з безліччу экнцыклапедый, па якіх не раз мусілі пісаць рэфераты і дадатковыя паведамленні да ўрокаў тагачасныя вучні з бліжэйшых раёнаў.

Крама, што ўказвала
шлях на Вільню, і "Тысяча дробязяў"

Падобны лёс у некалі вялікіх прамтаварных крам “Віленскі шлях” і “Тысяча дробязяў”. Знікнуўшы з будынкаў, яны засталіся ў памяці маладзечанцаў. Заўважалі?


А “Віленскі шлях”, які натуральна збудаваны па дарозе на Вільню ў 1993 годзе, па-ранейшаму застаўся афіцыйнай назвай прыпынку.


На фота Darriuss –раён "Тысячы дробязяў" у 2008 годзе.


На фота "Рэгіянальнай газеты" – былыя "Тысяча дробязяў" і "Віленскі шлях" сёння.

This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website