| Няма Казюка без абаранкаў Так казалі наведнікі віленскага кірмашу ў гонар свята святога Казіміра. Трапіць туды імкнуліся і смаргонцы: – У Вільню ездзілі два-тры разы на год, – згадвае Валянціна Булава. – 29 чэрвеня на свята Пятра і Паўла і на Казімера – 4 сакавіка. Часам – 24 чэрвеня, на Яна. Попыт на смаргонскія абаранкі ў святочныя дні быў вялікі. На віленскі базар мы вазілі два вазы абаранкаў. Каб захаваць таварны выгляд, іх зашывалі ў белыя прасціны. Наймалі людзей, коней, пару сутак шляху – і смаргонскія абаранкі ў Вільні. Каштавалі яны капейкі, вязанка ў адзін-два пальцы – пяць-дзесяць грошай. Самы вялікі абаранак, з далонь памерам – па дзесяць грошай. Калі тавар заставаўся, маці скідвала цану. На атрыманыя грошы яна штосьці набывала ў Вільні. Прывезла чатыры добрыя крэслы. Дочкам – то паліто, то капялюшык, то сукенку – усё было вельмі якаснае. З прыходам савецкай улады вытворчасць абаранкаў знікла: – Печ давялося перарабіць. Абаранкі больш ніхто не пёк. Хіба што потым – у кааператыве. З Вільні таксама прывозілі. Але ўсё не такое – іншая тэхналогія. Мы не трымалі нічога ў сакрэце –папросту, нас ніхто не пытаў. Калі б не вайна, мы б мелі шмат запазычанасцяў. Тавар застаўся, абаранкі стаялі мяхамі. Маці была вельмі добрай жанчынай. Усім дапамагала, таму лішняй капейкі ніколі не мелі. Куцця прыйдзе: «Гэля, можа ў цябе абараначак да маку на свята будзе?». Маці давала: «На здароўе, ешце. Са святам!». На фота з Вікіпедыі – продаж абаранкаў і пернікаў у Вільні, на Казюках, у 1930-х гадах. |
– І сёння ў Смаргоні, на вуліцы Іванова (былой Зарэчнай), захаваўся стары будынак з чырвонай цэглы – пякарня Казіміра Вайцяхоўскага. Я выпадкова даведалася, што тут пяклі абаранкі. Дзецьмі часта гулялі побач, заглядвалі праз плот падзівіцца на прыгожы будынак. Даведалася, што ў пачатку 20 стагоддзя гаспадар наймаў работніц у пякарню. Працавалі тут таксама і яго сёстры. Адразу рабілі вялікі замес цеста для абаранкаў. На порцыю часам выкарыстоўвалі 60 яек. Абаранкі былі такія, што не чарсцвелі цэлы месяц,– распавядае смаргонка, пісьменніца Таня Скарынкіна. – Гаспадар прадаваў іх і ў Вільні, і ў Варшаве, і ў Маскве. Нават бочкамі адпраўлялі ў Амерыку. Але гісторыя Вайцяхоўскіх скончылася трагічна. Недзе каля 1908 года гаспадар вяртаўся з гандлю з Вільні ў Смаргонь. Па дарозе яго зарэзалі і забралі ўсю выручку. Пазней я даведалася, што Казімір Вайцяхоўскі быў продкам майго аднакласніка – Андрэя Вайцяхоўскага.
На фота – Таня Скарынкіна каля будынка, дзе некалі гатавалі абаранкі.