З чаго пачалося Аксаніна валанцёрства
Дакладней, не з чаго, а з каго. А менавіта, з сабакі Соні.
– Гэта была вельмі халодная зіма некалькі год таму. Прымярзалі дзверы, замярзаў газ. У інтэрнэце ўбачыла інфармацыю, што на Шанхаі ляжыць сабака і восем шчанюкоў. І што збіраюцца выклікаць адлоў. Першая думка: Трэба ратаваць. Мы прыцягнулі тых сабачак. Дзеля іх мусілі тапіць печку на летняй кухні штовечар. Соню прыстроілі кудысьці ў вёску, раздалі і шчанюкоў. А пасля ўжо я даведалася, што ў Вілейцы ёсць хлопцы, якія ператрымліваюць сабак і прыстройваюць іх.
Любоў да жывёл у суразмоўцы з дзяцінства:
– Я жыла ў шматпавярхоўцы, таму сваіх сабак не было. Але былі дваравыя. І сёння памятаю сабаку Цяпу, якога часам нават пускалі ў кватэру. Але Цяпу адлавілі і забілі. І гэта была вельмі цяжкая дзіцячая траўма для мяне. А некалі дваравы сабака нават за нос мяне ўкусіў. Прыйшла дамоў са скрываўленым тварам, але любоў да жывёл засталася.
Сёння дома ў Аксаны – свой прытулак: дзве сабакі і чатыры каты. Усе падабраныя. Сярод іх коцікі Гоша і Ксюша – гадаванцы Аксанінай выкладчыцы паліфаніі з Маладзечанскага музкаледжа Алены Донінай. Калі выкладчыца памерла, Гошу і Ксюшу Аксана забрала сабе.
– Колькасць валанцёраў заўсёды мяняецца: хтосьці прыходзіць, хтосьці сыходзіць. Нам увесь час патрэбныя рукі, людзей не хапае. І вельмі не хапае тых, хто гатовы быў часова ператрымліваць знойдзеных кацянят, шчанюкоў. У Вілейцы такі вялікі прыватны сектар, але практычна ніхто не прапануе сваю дапамогу, – адзначае Аксана.
І дадае, што хацелася б атрымліваць дапамогу і ад горада:
– Мы самі купляем лекі, трацім грошы на харчаванне і дастаўку жывёл у клінікі, да новых гаспадароў. Пастаянных спонсараў не маем, таму хацелася б, каб гарадская адміністрацыя звярнула ўвагу на праблему бяздомных жывёл у горадзе. На тых жа жыроўках, якія кожны месяц прыносяць у дамы, можна надрукаваць інфармацыю пра неабходнасць рэгулявання колькасці хатніх жывёл, пра стэрылізацыю і кастрацыю беспародных гадаванцаў з кантактам гарадской ветлячэбніцы на Воўкаўшчыне, – падсумавала Аксана.
Калі б вы хацелі нечым дапамагчы вілейскім валанцёрам або ўзяць сабе гадаванца, тэлефануйце Аксане Кузьміной на нумары
+375 29 761-86-83.