З макам выжывалі,
на каноплях варажылі
Слотны вечар позняй восені. Вёска Гіры на Астравеччыне.
У адным з падворкаў дзяўчына каля студні сее… каноплі.
Сее і прыгаворвае «Дай, божа, сніць, з кім буду жыць»...
З той сяўбы-варажбы на святога Анджэя мінула больш
за 70 гадоў. А нарачоны дзяўчыне тады прысніўся – мясцовы хлопец з Гіраў.

Праз год, у лютым 1947 года, ужо вянчаліся ў Гервяцкім касцёле сярод 12 маладых пар.

Зрэшты, каноплі дапамаглі Марыі Мажэйкене (Петрык),
96-гадовай жыхарцы вёскі Петрыкі на Астравеччыне, не толькі даведацца пра нарачонага. Дзякуючы ім сям'я з дзесяці чалавек выжывала ў першай палове мінулага стагоддзя.

Бацькі Марыі ў Гірах жылі небагата: два гектары зямлі, карова
ды конь.

А яшчэ восем дзяцей.
– Я часта цяпер думаю, як матуля кожны дзень магла накарміць дзесяць чалавек. І не раз на дзень, а тры...

Калі карова ўжо не давала малака, на стале ў вялікай сям'і былі толькі мак ды каноплі.

– Цяпер, кажуць, наркотыкі. А мы на гэтых наркотыках выраслі, – заўважае суразмоўца.

І распавядае, што канопляў сеялі шмат. Малацілі па 10-20 кілаграмаў. А зерне падсмажвалі, рабілі алей. З цеста, што ставілі на хлеб, у кіпені варылі маленькія блінкі. А пасля елі
з канапляным маслам і падсмажанай цыбуляй.

Жаданым ласункам у дзяцей быў і яшчэ адзін «наркотык» - мак. Асабліва падабалася макавае малако.

12-13 гадовай дзяўчынкай Марыя пачала прасці
і ткаць. Матуля не мела часу гэтым займацца, маючы восем дзяцей. Ткалі абрусы, пасцельную бялізну, тканіну сабе на адзенне.

Шмат гадоў жанчына адпрацавала з ільном у калгасе - была звеннявой.

Сёння Марыя Мажэйкене - народны майстар
па ткацтву.

А каб хутчэй праходзілі зімовыя вечары, вяжа пантофлі і шкарпэткі.
У 1931 годзе Марыя скончыла адзін клас літоўскай школы. Пасля было 4 класы польскай. І ўсё.

– Размаўлялі мы заўсёды па-літоўску, і пад палякамі. Некаторыя гаварылі
па-беларуску. Тут людзі мяшаныя. І сем'і - беларусы з літоўцамі.


Пад Польшчай улады не пісалі мясцовым у метрыках нацыянальнасці. Казалі: як
не пішашся палякам, значыць - ніякі.

І ў метрыках ставілі рысачку, кажа суразмоўца і паказвае тую рыску ў сваім пасведчанні.
– Паны былі тут і літоўскія, і беларускія, - працягвае спадарыня Марыя. – Паміж Гірамі і вёскай Рымдзюны быў маёнтак. Таксама Рымдзюны. Пан Крукоўскі здаваў яго ў арэнду. І мы хадзілі рабіць да арандатара ў 1939 годзе, як мне было 18. А ў 1940 прыйшла ўжо іншая ўлада.

Спачатку Мажэйкі жылі побач з Гірамі на хутары з літоўскай назвай Сяўросіас (па-літоўску «вузкія»), недалёка ад вёскі Пелегрында. Калі хутары загадалі зносіць у вёскі, набылі хату
ў Петрыках.

Прыватнай уласнасцю цешыліся да 1951.

Калі ў Гірах утварылі калгас, каня забралі. Карову пакінулі.
Але гаспадары мусілі плаціць падатак дзяржаве – дзесяць кілаграмаў масла на год.

Муж і жонка працавалі ў калгасе.

– Пасля вайны грошы не плацілі. Давалі збожжа – па 200-300 грамаў на дзень. А наастатак ужо было і нядрэнна.

Марыя размаўляе па-беларуску, літоўску, руску і польску. На літоўскай чытае. Каб трэніраваць памяць, рашае судоку. А яшчэ спявае літоўскія песні. Беларускую мову любіць. Ды на літоўскай - зручней. На ёй размаўляе з дзяцінства. Па-руску навучылася дарослай, калі дочкі хадзілі ў школу.

– Як дзеці пайшлі ў школу, па-літоўску не вучылі. А мы хацелі, каб яны ведалі літоўскую. Таму яшчэ невялікімі дочкі паехалі ў Літву. Павывучваліся і засталіся.

У Вільню з Петрыкаў Марыя Мажэйкене ездзіць і ў госці да дзяцей, і па творчых справах.

Летась была ў літоўскай сталіцы
на Сусветным з'ездзе пісьменнікаў.

Прадстаўляла там уласную літоўскамоўную кнігу ўспамінаў.
Ды найлепш у сваёй хаце, пры гаспадарцы, паракананая жанчына.

А даглядаць гаспадарку дапамагае дачка, што прыязджае з Вільні.
Гаспадарка – гэта сад, куры
і кветкі. А яшчэ агарод, у якім даўно ўжо няма ні канопляў,
ні маку.
Тэкст: Аксана Ярашонак

Фота: Ігар Палынскі, Аксана Ярашонак

Праект апублікаваны на сайце rh.by.
This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website